
Пісьменнік, перакладчык, мовазнавец
Беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнавец Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў нарадзіўся 24 студзеня 1951 г. у в. Заброддзе Быхаўскага раёна. Вучыўся спачатку ў Забродскай пачатковай школе, з пятага класа быў пераведзены ў Глухскую сярэднюю школу. Асабліва захапляўся гісторыяй, геаграфіяй і матэматыкай. Змалку кніга вабіла, чаравала будучага паэта. Адны з першых прачытаных твораў – зборнік успамінаў дзяцей вайны «Ніколі не забудзем». Успаміны дзяцей, перажыўшых жахі вайны глыбока ўсхвалявалі будучага паэта і аказалі на яго моцнае ўражанне. Першы свой верш Міхась Пазнякоў напісаў у шостым класе, а штуршком да творчасці
з’явілася настаўніца рускай мовы і літаратуры Роза Сямёнаўна Нікіфарава, якая дала заданне напісаць верш. 3 таго часу вершаплёцтва захапіла будучага паэта.
Першы яго верш быў надрукаваны ў 1966 г. у газеце «Браслаўская звязда» (г.Браслаў), дзе Міхась Пазнякоў вучыўся некалькі месяцаў у санаторнай школе. Заўважыў і падтрымаў яго кіраўнік літаратурнага аб’яднання, вядомы пісьменнік Павел Пруднікаў. У 1971 г. Міхась Пазнякоў стаў студэнтам філалагічнага факультэта знакамітай вышэйшай навучальнай установы Беларусі – Белдзяржуніверсітэта. Сярод выкладчыкаў установы алукацыі былі Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Вячаслаў Рагойша, Павел Ткачоў, Маргарыта Яфімава, Ірына Шаблоўская, Вольга Казлова. Пасля трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне і з верасня 1974 г. ён стаў працаваць настаўнікам роднай мовы і літаратуры, а таксама нямецкай мовы і этыкі ў Ягадскай васьмігадовай школе Бярэзінскага раёна. Пасля закрыцця гэтай школы працаваў у Кукараўскай васьмігодцы гэтага ж раёна. У 1976 г. у газеце «Беларускі універсітэт» быў надрукаваны першы верш Міхася Пазнякова на беларускай мове. Пасля заканчэння універсітэта (1977 г.) вярнуўся ў Мінск і выкладаў родную мову і літаратуру ў СШ №26. У 1978 г. залічаны на працу ў Інстытут мовазнаўства, дзе прымаў удзел у распрацоўцы двухтомных «Русско-белорусского словаря» і «Беларуска- рускага слоўніка», а таксама з’яўляўся памочнікам навуковага рэдактара гэтых выданняў. Навуковым жа рэдактарам быў Кандрат Крапіва – у той час віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Мовазнаўчая школа славутага пісьменніка, вучонага і цікавага чалавека дапамагла Пазнякову глыбей пранікнуць у бясконцае нацыянальнае багацце – моўны скарб, заняцца навуковай працай, напісаць шэраг навуковых артыкулаў, а пасля распрацаваць і выдаць вялікі «Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» (1988 г.). З 1981 г. Міхась Пазнякоў – дырэктар Літаратурнага музея М. Багдановіча. 3 1984 г. па 2000 г. працаваў у дзяржаўным выдавецтве «Юнацтва», прайшоўшы шлях да галоўнага рэдактара. Потым два гады
ўзначальваў часопіс «Вожык». 3 2003 г. працуе ў часопісе «Неман»: да мая 2008 г. – намеснікам галоўнага рэдактара, а цяпер – галоўным рэдактарам. Першая кніжка Міхася Пазнякова была адрасавана дзецям – «Дзіўныя «блізняты» (1987 г.), якую склалі загадкі на беларуска-рускія амонімы. Затым з’явіліся «Побач з татам» (1988 г.), «Тры чарадзеі» (1991 г.), «Ехаў поўны воз дзівос» (1994 г.), «Шые вожык кажушок», «Дзівосны свет» (1996 г.) і інш. Выйшлі кніжкі вершаў для дарослых: «Колер радасці» (1988 г.), «Час надзеі» (1991 г.), «Крутит время свои жернова» (2004 г.), «Любі і помні» (2006 г.), «Святое правіла…» (2008 г.). Міхась Пазнякоў – аўтар каля 30 кніг паэзіі і прозы. Ён пераклаў на беларускую мову кніжкі «Дапаможаш ты – табе дапамогуць» (афганскія народныя казкі), «Залатая ракавінка» (кітайскія народныя казкі), «Дванаццаць месяцаў» С. Маршака, «У заапарку» М. Гелера, раманы: С. Лагерлёф «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», В. Скот «Квенцін Дорвард», М. Сервантэс «Дон Кіхот», некаторыя творы В. Біянкі, Я. Пермяка, Л. Махмудава, X. К. Андэрсена, братоў Грым і іншых. Вершы Міхася Пазнякова для дзяцей уключаны ў падручнікі, хрэстаматыі, чытанкі, навучальныя дапаможнікі. На словы паэта напісана шмат песен, асабліва для дзяцей. З ім супрацоўнічаюць кампазітары Леанід Захлеўны, Пятро Яроменка, Георгій Ермачэнкаў, Уладзімір Карызна- малодшы, Мікалай Літвін, Вячаслаў Кузняцоў і інш. Міхась Пазнякоў з’яўляецца Лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Пятруся Броўкі ў галіне дзіцячай літаратуры (1996 г.), трох Рэспубліканскіх літаратурных прэмій «Лепшая кніга года», лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і іншых.